Яваровы людзі (javarovy_ludzi) wrote,
Яваровы людзі
javarovy_ludzi

На сваё 10-годдзе "Яваровы людзі" паказалі гасцям абрад Радзіны

"Я шчаслівы, што мог пабачыць хоць у Таронта такі цікавы і старажытны беларускі абрад", - сказаў адзін з запрошаных гасцей падчас святкавання 10-годдзя нашага калектыву. І дадаў: "Удзельнікі так праўдападобна ўсё рабілі і гаварылі, што было адчуванне, што адбываецца ўсё насамрэч, проста хтосьці падглядаў за імі". Дзякуй добраму чалавеку за добрыя словы.Стараліся!


Віялета Кавалёва: "Няхай "Яваровым людзям" столькі год пражыць, колькі ў маёй чарцы кропелек дрыжыць!"

З ЮБІЛЕЕМ, ДАРАГІЯ "ЯВАРОВЫ ЛЮДЗІ"!
За вашае здароўе і творчае развіццё!                                                                                        
28-га траўня 2011 году дзверы Беларускага грамадскага цэнтру былі расхінутыя напоўніцу для гасцей, асабліва для тых, хто хоць пэўны час на працягу дзесяці гадоў спяваў ці выступаў у нашым гурце. Такога відовішча, мусіць, сцены беларускага цэнтру яшчэ не бачылі на сваім вяку. :)
Першая частка імпрэзы была цалкам аддадзена пад сольныя выступы як цяперашніх, так і былых удзельнікаў "Яваровых людзей", якія дэманстравалі свой голас і неаспрэчнае ўменне ім валодаць. Дарэчы, наконт слова "былыя"... Нам яно ня вельмі падабаецца. Бывае, што людзі рвуцца ў наш гурт усёй душою, але няўмольны расклад працы ці вучобы іх не пускае. Мы не губляем надзеі, што гэта часова, і што пры першай магчымасьці мы ізноў будзем усе разам. А кагосьці з ранейшых удзельнікаў лёс закінуў за межы Таронта альбо нават Канады... Ды толькі мы верым і ведаем, што сэрцам людзі ўсё адно застаюцца з намі! Ці не праўда, дарагія нашы ўдзельнікі?! :)


Міхаіл Шэмет пачаў спяваць у "Яваровых людзях" яшчэ школьнікам. Цяпер ён студэнт вакальнага аддзялення Універсітэта Таронта. На імпрэзе Міша праспяваў класічныя рамансы, уразіўшы гледачоў сваім дзівосным голасам.
На фота: вядучая Надзея Дробіна задае пытанні Міхаілу перад яго выступам:


Валянціна Шаўчэнка спявае песню на словы Ларысы Геніюш пад акампанемент Міхаіся Рыкава. Дарэчы, спадарыня Валянціна прайшла ўвесь 10-гадовы шлях "Яваровых людзей" і да гэтага часу застаецца актыўнай удзельніцай нашага гурта. А таксама ўзначальвае Згуртаванне беларусаў Канады!


Спявае Міхась Рыкаў. Немагчыма не сказаць некалькі цёплых словаў пра гэтага чалавека, што спецыяльна прыехаў з Атавы ў Таронта, каб разам адзначыць народзіны "Яваровых людзей". Увогуле, Міхась Рыкаў грае ў вядомым класічным дуэце "Кантабіле" разам з Уладай Шамецька. На нашым жа юбілейным канцэрце ў Таронта  Міхась не толькі акампаніяваў Валянціне Шаўчэнка і Дамініцы Кавалёвай, за што яму асобны дзякуй, але яшчэ і спяваў песні вядомага канадыйскага барда Леанарда Коэна ва ўласных перакладах. Такім чынам, на канцэрце высветлілася, што Міхась не толькі выдатны гітарыст, але і цудоўны перакладчык!
Яшчэ чамусьці ўзгадалася адна гісторыя: як Міхась выратаваў наш канцэрт у Атаве на канферэнцыі славістаў у 2009 годзе. Інструменталіст, які павінен быў запаўняць паўзу паміж дзеямі, іграючы на бубне разам з баяністам Юрам Жвалікоўскім, перад адным са сваіх выхадаў раптам адчуў сябе кепска і не змог выйсьці на сцэну. І тут  Міхась, што быў у гэты час за кулісамі, імгненна зрэагаваў, літаральна "сарваў" з Славы Кавалёва вышываную кашулю, маланкава яе надзеў, выскачыў на сцэну з бубнам і вырабляў там розныя дзівосы, пакуль мы пераапраналіся )) Такім чынам, нашая паўза паміж дзеямі была мужна выратавана непаўторным Міхасёвым экспромтам на бубне :)) Дзякуй, Міхась! Гэта было захапляльна!


Агульнае замілаваньне выклікаў выступ наймалодшай цяперашняй удзельніцы "Яваровых людзей", 14-гадовай Дамінікі Кавалёвай, якая спецыяльна для юбілею вывучыла і праспявала прыгожую песню на словы і музыку Змітра Сідаровіча "Шэрая гадзіна":


Фёдар Апейка
пайграў на дудзе, Юля Бяроза, дачка Радана і нованароджаная Каліна праспявалі народныя песні,  задаўшы тым самым фолькавай танальнасці перад паказам Радзінаў.


І вось нарэшце, доўгачаканая другая частка канцэрту. Радзіны. Заслона адчыняецца.
Для многіх паказ абраду Радзінаў стаўся сюрпрызам. І дзеці, і дарослыя з захапленнем не толькі назіралі за працэсам "уводзінаў" нованароджанага дзіцяці ў сям'ю, але і самі прымалі актыўны ўдзел у дзеі, бо абрад быў вельмі інтэрактыўным.
На словах складана апісаць тое, што адбывалася на сцэне беларускага цэнтру. Па-першае, сама імітацыя сялянскай хаты ўжо надавала адпаведны тон выступоўцам, у дадатак адпаведнае асвятленне, як у тэатры...а самым захапляльным, відаць, было тое, што малыя дзеці бесклапотна гуляліся на сцэне, нібы і не было зусім гледачоў у зале! 

Бацькі Аляксей і Вольга Парэцкія з дзеткамі Пятром і Сафіяй. Злева ад Аляксея Валянціна Шаўчэнка, справа ад Вольгі Святлана Ржэвуская, наша "бабка" :)


Апісваць падрабязнасці самога абраду Радзіны тут мы не будзем. А  як у Вас з'явіцца нагода для яго правядзення :) (народзіцца дачка,сын, унук, унучка, пляменнік ці пляменніца), калі ласка, звяртайцеся, зробім усё як мае быць! :) І гэта не жарт. Гэты абрад быў адноўлены "Яваровымі людзьмі", калі ў адных з удзельнікаў калектыву нарадзіўся першынец. І такі вось своеасаблівы падарунак зрабілі "Яваровы людзі" для сваіх калегаў.
А на сцэне абрад быў паказаны ўпершыню. Такі вось падарунак мы зрабілі для сябе на свае народзіны. :)) А ці атрымалася, судзіць вам, паважаныя гледачы-чытачы. Далучайцеся да нас! 
Калі ласка, давайце разам  адраджаць нашыя традыцыі, і вясельныя, і радзінныя і валачобныя, і калядныя.
У кожным з абрадаў нашымі продкамі закладзены глыбокі сакральны сэнс. Зараз захаваліся з іх толькі некаторыя элементы, ды і тое, часам мы самі не ведаем, чаму мы мусім тое дзейства ў абрадзе выканаць, што яно значыць для далейшага лёсу чалавека ці, увогуле, яно можа быць лёсавызначальным. У абрадах ёсць своеасаблівая магічнасць, лучнасць з прыродай, з нашымі продкамі...
Дакраніцеся да гэтай магіі, і вы адчуеце адметны мікракосмас, моц і веліч беларусаў.

Але вернемся да нашага выступу ў Беларускім цэнтры. Святкаванне Радзінаў звычайна сумяшчалася з Хрэсьбінамі дзіціяці. Хрысціць дзіця вазілі звычайна кум з кумою, бацька з гасцямі чакалі з нецярпеннем дома. Гадалі, якое ж імя атрымае іх сын ці дачушка. Дарэчы, кум з кумою мусілі і найдалей клапаціцца пра свайго хрэсніка, спрыяць ягонаму духоўнаму развіццю ў будучым. 

Кум з кумою нарэшце вярнуліся з хрэсьбінаў. Нованароджанага назвалі Пятром па сцэнары і насамрэч :)


Акрамя бацькоў, кума і кумы, на Радзінах важную ролю адыгрывала бабка, што прымала на свет дзіця. Яна кіруе працэсам, так сказаць, з'яўляецца прадстаўніком, абаронцам дзіцяці, у тым ліку, умее аберагаць і ад сурокаў. Звычайна запрашаюць сталую жанчыну, якая ведае сваю справу, розныя замовы. Бабка-павітуха гатуе густую салодкую смачную кашу і частуе ёю гасцей, перад тым "таргуецца" з імі, танна не аддае :)
"Бабіна каша" - гэта найважнейшы і кульмінацыйны момант на Радзінах.  
Перад выхадам бабкі, якая раздае "сапраўдную" кашу, "несапраўдная" бабка (нехта з мужчынаў пераапранаўся) спрабуе жартаўліва задорага прадаць сваю несапраўдную кашу (то магла быць зусім і не каша, а кура ці котка пад хусткай). 
Зміцер Эльяшэвіч з жонкай Таццянай цудоўна сыгралі "несапраўдных" бабку і дзеда. Гэты дуэт проста пакарыў глядацкія сэрцы!    


Сапраўдную непаўторную бабку грае Святлана Ржэвуская. Справа - Піліп Тананка : "Бабка, нясі кашу!"


А гэта наш самы малады артыст -- Петрачок, сын Аляксея і Волечкі Парэцкіх, па сцэнары бабін унучак, хрэснік кума і кумы. Гэта момант, калі "высвятляюць прафесію" дзіцяці. Робіцца гэта так. На дыванку кладуцца розныя рэчы. Фарбы, кніга, мячык, фотаапарат і г.д. Ёсць такое павер'е: што дзіця абярэ, тым і будзе. Абярэ мячык - будзе футбалістам. Калі ж фотаапарат - будзе фотакарэспандэнтам, і як пажартавала Віялета Кавалёва, нарэшце выдасць нашую газету "Беларускае слова". На здзіўленне ўсіх прысутных Пятрок без ваганняў пацягнуўся да флейты і нават прадэманстраваў свой талент, трошкі пасвіцеў. "О! Будзе музыкам," - адзначыў бацька. (Дадамо ў дужках -- як яго дзядуля, вядомы музыказнаўца Анатоль Парэцкі : )))


Шчаслівыя бацькі Петрачка, Вольга і Аляксей Парэцкія


Немагчыма не аддаць належнага куму і куме, адпаведна Вячаславу Кавалёву і Ларысе Міхайлавай. На Радзінах кум з кумою мусяць быць вясёлымі! Вось і забаўляліся яны сабе ў куточку, покуль госці спявалі і для іх песню  "Кум куму любіў". "Хто кумы не цалаваў, той салодкага не знаў!" - апраўдваўся кум, што шчыльненька сядзеў і абдымаў куму! Ды кум з кумою і мусяць шчыльненька сядзець, каб зубкі ў нованароджанага былі шчыльненькімі....:)


Бусел, а ён жа Пятро Асадчы, прынёс па традыцыі бацькам ляльку. Бацькі ў здзіўленні адмовіліся, паказаўшы, што ўжо маюць нованароджанага, папрасілі прылятаць тады, як яны яго папросяць, праз год ці два. :) Ды бусел не разгубіўся -- і панёс ляльку гледачам. "Можа вам трэба? Можа вам? Добрае дзіця, вясёлае, здаровенькае," - актыўна прапаноўваў прысутным доўгадзюбы бусел. 


Госці спяваюць чарговую абрадавую песню, услаўляючы кума і куму. Віялета Кавалёва запявае: "А ў кумы хвартух - аддадзен пятух..."


Кума Ларыса Міхайлава і Валянціна Шаўчэнка ў ролі госці:


А госці ўсё спяваюць! Злева Аліна Тананка, справа Алена Лявончанка, седзячы - Ірына Тоўсьцік:


Яшчэ адна госця, Алена Лявончанка, на фоне культавага насценнага дыванка з аленямі, што ў свой час з'яўляўся атрыбутам кожнай прыстойнай хаты:).


Напрыканцы бабку катаюць на баране, ці на санках, накрываючы іх кажухом. Фота з святкавання сапраўдных Радзінаў у Філіпа і Аліны Тананкаў. То сапраўдная бабка! Святлана Ржэвуская, маці Аліны:


І ў канцы ўсіх абрадавых дзеянняў ветлівыя гаспадары запрашаюць да стала гасцей. 


Больш фотаздымкаў гэтых аўтараў : Алены Лявончанкі picasaweb.google.com/liavonchanka/JL10
і Аляксея Парэцкага: https://picasaweb.google.com/aparetski/I280511?authkey=Gv1sRgCOXCnNqTs5arcA&feat=email

Паказ Радзінаў плаўна перайшоў у святкаванне народзінаў "Яваровых людзей" -- апошнюю, заключную частку нашай імпрэзы. Прадстаўленне скончанае. Шчодрыя і гасцінныя гаспадары, цяпер гэта ўжо "Яваровы людзі" і Беларускі Цэнтр, пачаставалі ўсіх, хто прыйшоў на свята, рознымі традыцыйнымі беларускімі стравамі: блінамі з мачанкаю,  печанай бульбаю з кропам, смажанымі кіўбаскамі, грачанікавымі аладкамі, квашанай капусткаю, салёнымі гуркамі і іншымі смачнасцямі. А потым усе, хто хацеў, разам з "Яваровымі людзьмі" спявалі застольныя песні і танчылі беларускія народныя танцы.
Як кажуць у нас у вёсцы, і я там быў, мёд-гарэлку піў :))) 

Віялета Кавалёва прамаўляе тост з нагоды юбілею.
Tags: ЗБК, Радзіны, Таронта, Яваровы людзі, выступоўца, удзельнікі, імпрэза
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 1 comment