Яваровы людзі (javarovy_ludzi) wrote,
Яваровы людзі
javarovy_ludzi

Купалле 2011. Адсвяткавалі!

Паездка ў Слуцак на Купалле для многіх ужо сталася штогадовай традыцыяй, ледзь не галоўнай падзеяй году і проста святам, дзе можна актыўна адпачыць, дакрануцца да старажытных абрадаў, паспяваць купальскія песні, патанчыць і, магчыма, адшукаць папараць-кветку...



Для кагосьці Купалле - гэта адпачынак, для кагосьці - праца. Падрыхтоўка да Купалля вымагае шмат энэргіі і часу, каб свята ўдалося і захавала свае традыцыйныя абрады. Здавалася б, на Купалле ў гэтым годзе было не менш за паўтары сотні чалавек, але на падрыхтоўчым этапе задзейнічана было ад сілы 10 чалавек. А хацелася б, каб кожны зрабіў свой унёсак не толькі падчас ужо самаго святкавання, але і напярэдадні. Спраў знойдзецца для ўсіх :) І траву на паляне для вогнішча і танцаў трэба пакасіць, нацягаць дроваў для вогнішча, упрыгожыць купальскае кола, укапаць слуп з колам, скласці купальскае вогнішча, зрабіць браму, упрыгожыць кветкамі, галінкамі ці проста травою, укапаць у зямлю, устанавіць на паляне, сплесці касу для Купалінкі, зрабіць пудзіла для спалення, вядзьмарку, пахвалявацца пра папараць-кветку, пляценне вянкоў, факелы, крупнік і пра яшчэ тысячу дробязяў, што кладуцца на плечы арганізатараў.
Хочацца падзякаваць усім, хто прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да свята. ДЗЯКУЙ, НАШЫЯ ДАРАГІЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ кУПАЛЛЯ ЗА ДАПАМОГУ! :)))
Такая атрымалася сімпатычная вядзьмарка гэтым годам, модная, інтэлігентная, што шкада было нават паліць. Хутчэй нагадвала вясковую настаўніцу, чым вядзьмарку :) Эх, спалілі беспашчадна! :))))




Сядзім, пляцем вянкі, абмяркоўваем, што трэба засадзіць у наступным годзе поле кветкамі, а то павывадзіліся за 10 гадоў. Відаць, знаходзяцца такія, хто рве з каранямі, ці проста кветкавы пратэст адбываецца гэтым годам у салідарнасць з суродзічамі на радзіме. Дарэчы, можна было б пагукаць вясну ў Слуцаку, а заадно і пасеяць кветачкі.




"Ішла Купалка сялом, сялом..." Дзеўкі вядуць нашую Купалінку да брамы (так і карціць сказаць да брамы неўміручасці :)))) Гэтым годам Купалінкай заслужана была абраная Сірафіма, якая спляла самы арыгінальны вянок з такіх палявых каласкоў, загадзя рыхтавалася да Купалля, наведваючы нашыя рэпетыцыі.
На фота: Наша натхнёная сваёй роляй Купалінка Сірафіма пасярэдзіне.


За Купалінкай павольна рухалася, спяваючы, працэсія дзяўчат з доўгай Купалінкаўскай касой, сімвалам дзявоцкасці, нявіннасці, прыгажосці. Касу тую традыцыйна закідваюць на вароты. І праходзяць на паляну, дзе адбываецца асноўнае Купальскае дзейства.




Па дарозе да Купальскага вогнішча гарэлі факелы, што стваралі яшчэ больш таямнічасці...


Каб прайсці праз браму трэба ўмыцца крынічнай вадою і абцерціся ручніком. Сімвалічнае ўмыванне перад пачаткам святкавання. Традыцыйна з пажаданнямі шчасця, здароўя і ўдачы сустракалі ўдзельнікаў ля брамы Валянціна і Юра Шаўчэнкі.


Відаць, дзяўчыне нажадалі шмат прыемнасцяў, ўто такая шчаслівая :)


Дзяўчаты трымаюць касу Купалінкі.




Наша брама:


Наш князь Мікалай з Купалінкай Сірафімай.


Князь прамаўляе вітальныя словы і разам з Купалінкай распальваюць вогнішча.













Традыцыйна скокі праз вогнішча, спевы, карагоды, пусканне палаючага кола з горкі ўніз у раку.
















Госці Купалля рыцары Scallagrims MMAC паказалі сапраўднае відовішча, фаер -шоу. На жаль, фотаздымкаў з шоу ў нас пакуль што
няма. Напрыканцы свята госці частаваліся крупнікам і спявалі песні для душы ля вогнішча. Пусканне вянкоў на ваду адбывалася амаль нараніцу, тады ж купанне па жаданні. І кульмінацыя свята - усход сонца. Кажуць, на Купалле, сонца іграе :)))



Мужчыны на фота такія сумныя, бо, відаць, расстроіліся, што не яны знайшлі папараць-кветку, а харошая дзяўчынка Дамініка, якая пасля перадарыла кветачку іншай дзяўчыне. Таму, хто знайшоў бліскучую кветку сярод цемры, быў прызначаны прыз ад арганізатараў Купалля. Магчыма, і вам пашанцуе ў наступным годзе адшукаць сваю папараць-кветку :)


Купалле разам з намі адзначалі і звяры і птушкі. Нават чарапахі выпаўзлі, на жаль, засталіся не зафіксаванымі.


Дзякуй усім, хто адзначаў з намі КУпалле. Сапраўды, гэта было весела і гучна. Да сустрэчы ў наступным годзе! :)
Паляцелі пасля Купалля ў новае жыццё з новымі сіламі. Як кажуць, у добры шлях!


Для тых, хто будзе сумаваць па Купальскіх песнях і танцах, можна прыходзіць з верасня па серадах да нас на рэпетыцыі. Да верасня ў нас невялічкі перапыначак.
P.S. Вялізны дзякуй за фотаздымкі Аляксандры Несцярчук, Алене Лявончанка і Валянціне Шаўчэнка.
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments